ФІ́ЗІКА-ХІМІ́ЧНАЯ МЕХА́НІКА,
раздзел фіз. і калоіднай хіміі, які вывучае залежнасць структурна-мех. уласцівасцей дысперсных сістэм і матэрыялаў ад фіз.-хім. з’яў на паверхні раздзелу фаз.
Узнікла ў 1930—40-я г., як самастойная навук. дысцыпліна аформілася ў 1950-я г. пасля работ П.А.Рэбіндэра. Асн. кірункі: вывучэнне ролі паверхневых з’яў пры ўтварэнні цвёрдых цел і дысперсных структур, даследаванне ўплыву асяроддзя на разбурэнне, дэфармацыю і дыспергаванне цвёрдых цел, аналіз счаплення цвёрдых паверхняў пры трэнні, мех. апрацоўцы і інш. уздзеяннях. Асн. аб’екты — прыродныя дысперсныя сістэмы (напр., горныя пароды і глебы, тканкі раслін і жывёл), дысперсныя сістэмы ў розных тэхнал. працэсах (напр., парашкі, пасты, суспензіі, эмульсіі, змазачна-ахаладжальныя вадкасці), а таксама розныя матэрыялы прамысл. і быт. прызначэння (напр., інструментальныя, буд., канструкцыйныя).
Я.М.Кавалёў.
т. 16, с. 375
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)